Эмблема Клуба Айкідо Муманкан
Эмблема Клуба Айкідо Муманкан пабудавана на спалучэнні трох геаметрычных фігур – круга, трохкутніка і квадрата. Заснавальнік айкідо Марыхей Уэсіба казаў: "Адзіны спосаб, якім я магу патлумачыць айкідо – гэта намаляваць трохкутнік, круг і квадрат". Паколькі гэта тры найдасканалыя прапорцыі, у спалучэнні якіх адлюстравана цэласнасць філасофіі айкідо. Філасофія айкідо заключаецца ў тым, каб зрабіць свет больш гарманічным, ліквідаваўшы пастаяннае супрацьстаянне і варожасць людзей адзін да аднаго.
Японскі настаўнік Дзэн, мастак і каліграф Сэнгаі Гібон, які жыў у XVIII-XIX стагоддзях (1750-1838), увасабляў круг, трохкутнік і квадрат як трыяду: неба – чалавек – зямля.
Круг, трохкутнік і квадрат, як тры базавыя фігуры, выкарыстоўваліся ў якасці асаблівых сімвалаў не толькі на Ўсходзе. Старажытная Грэцыя, сярэдневяковая Еўропа даюць шматлікія прыклады ўжывання гэтых фігур для пабудовы розных схем свету. Цудоўным прыкладам можа быць вядомы малюнак "Вітрувіянскі чалавек" славутага італьянскага мастака, скульптара і архітэктара Леанарда да Вінчы (1453-1519).
Такім чынам, фігуры круг, трохкутнік і квадрат, аб'яднаныя на адным малюнку, маюць моцную і глыбокую сімволіку – Чалавек, які пераўтварае Сусвет, вывучае і выкарыстоўвае тэхнікі айкідо робіцца больш дасканалым.
Трохкутнік на лагатыпе клуба сімвалізуе чалавека і перадае сабой сонечны знак, мужчынскі, вогненны, жыццёвы. У класічным трохкутніку крыецца боства, духоўнасць, розум і любоў. Гэта і яшчэ адна сімволіка – узышоўшы трохкутнік адлюстроўвае эвалюцыю, развіццё, імкненне ўверх. Менавіта трохкутнік абраны ў якасці цэнтральнай фігуры на эмблеме клуба, паколькі чалавек – гэта падмурак усіх асноў. Чалавек праз сябе зазнае як унутраны свет, так і знешні.
Круг сімвалізуе неба. Гэта свет, які не мае межаў – нібыта спіраль альбо кругаварот, якія вядуць ў бясконцасць. Гэта знак дасканаласці. На лагатыпе намаляваны два круга – знешні і ўнутраны. Першы сімвалізуе непазнаны свет, усё тое, што знаходзіцца па-за межамі нашай свядомасці; другі – усё тое, што мы бачым і адчуваем.
Квадрат сімвалізуе матэрыяльны свет. Гэта зямля, агонь, вада, паветра. Квадрат таксама ёсць сімвалам цвёрдасці і спарадкаванасці. Матэрыяльны свет, які ёсць неад'емнай часткай чалавечага жыцця, пададзены ў выглядзе трох квадратаў, якія стылізаваны як пялёсткі ірысу. Тры квадраты на эмблеме – гэта знак трохпамернасці ўспрыймання чалавекам навакольнага асяроддзя.
Чаму на эмблеме клуба знаходзіцца выява ірысу?
Гэта невыпадкова. Ірыс вельмі шматзначны для Японіі. 5 траўня ў Японіі адзначаецца свята "Дзень дзяцей" (Кадома-но хі). Але да Другой сусветнай вайны гэтае свята называлася "Свята ірысаў" (Сёбу-но сэку) і да сярэдзіны мінулага стагоддзя лічылася святам воінаў. У гэты дзень існавала цікавая традыцыя: у дамах, дзе жылі хлопчыкі да 15 год, на полках красавалі букеты ірысаў, якія суседнічалі з фігуркамі самураеў, даспехамі, мечамі ды іншым ваенным рыштункам. Паколькі Клуб Айкідо Муманкан быў заснаваны ў траўні 1997, то было прынята рашэнне змясціць пялёскі ірысу ў цэнтральнай частцы лагатыпу. Ірыс сімвалізуе мужнасць, поспех і самаўдасканаленне.
Айкідо – гэта Шлях.
"На Вялікім Шляху не бывае Брамы;
Тысячы дарог ідуць да яго.
Калі ты хоць раз прайшоў праз гэтую Браму,
Ты адзін крочыш па ўсім Сусвеце".
(Муманкан. Застава без Брамы).
Увесь малюнак на лагатыпе імкнецца да аднаго пункту – да цэнтру. Усе шляхі ідуць да гэтага пункту, плаўна выгнуўшыся і нязменна імкнуцца да яго, у бязмежнасць, да своеасаблівай брамы без варот. Да гэтай брамы ідуць не толькі шляхі, але і пытанні. Тым жа часам, "сапраўдны адказ – гэта пытанне, якое зразумета правільна". Сам Сусвет ёсць пытанне, што не зададзена. Але, калі мы глыбока разумеем, пра што Сусвет пытае нас, нам ужо не трэба даваць адказ.
"Сакрэт айкідо ў тым, каб злучыць сябе ў гармоніі з рухам Сусвету і прывесці сябе ў згоду з самім Сусветам. Той, хто спасціг гэты сакрэт айкідо, утрымлівае Сусвет у самім сабе і можа сказаць: «Я і ёсць Сусвет»" (О-Сэнсэй Марыхей Уэсіба, Заснавальнік айкідо).
Таксама глядзіце