Слова кімано ў японскай мове ўжываецца для пазначэння адзення ўвогулле. Вопратку для трэніровак японскімі адзінаборствамі правільна называць кэйко-гі (ад слоў кэйко – трэніроўка і гі – адзенне) альбо догі. Адзенне для розных адзінаборстваў мае шэраг істотных адрозненняў, таму, каб падкрэсліць, менавіта пра якую вопратку ідзе гаворка, замест слова кэйко часта ўказваецца назва адзінаборства. Такім чынам, адзенне для айкідо называюць айкідо-гі, для дзюдо – дзюдо-гі, для каратэ – каратэ-гі ды г.д. Тым не менш, за словам кімано ўжо даволі грунтоўна замацавалася значэнне – адзенне для заняткаў усходнімі адзінаборствамі.

Кімано для занятак айкідоКімано мае розныя памеры: даўжыня курткі, шырыня рукавоў, даўжыня прарэзаў на баках курткі, даўжыня штаноў, ахоп таліі ды шмат іншых. Але гэта вам спатрэбіцца толькі ў тым выпадку, калі кэйко-гі патрабуецца для спаборіцтваў, дзе да адзення ёсць пэўныя патрабаванні. Выбірая кімано для штодзёных заняткаў айкідо звычайна арыентуюцца на тры параметры: рост чалавека, шчыльнасць і матэрыял тканіны.

Рост чалавека і памер кэйко-гі

Кімано для айкідо KusakuraКімано для айкідо Budo-NordКімано абіраюць згодна з ростам чалавека. Калі рост пазначаны, то праблем няма. Аднак часцяком вытворцы на вырабах пазначаюць не рост, а памер. Гэта можа выклікаць цяжкасці, асабліва, калі вы робіце заказ кімано ў Інтэрнэт-краме.

Пададзім табліцу адпаведнасці памераў кэйко-гі, росту і памераў звычайнага адзення.

Памер звычайнага адзення тут пазначаны для параўнання, таму не варта арыентавацца толькі на яго. Лепш вымераць свой рост і акругліць яго ў большы бок. Не забудзцеся, што кімано вырабляецца з бавоўнавай тканіны, таму ў працэсе прання яно дасць усадку. Значыцца, неабходна даць невялічкі запас ад 5 да 10 сантыметраў. Таксама вазьміце на ўлік, што кожны вытворца вырабляе кімано па асабістых лякалах. Таму пры аднолькавых памерах кімано розных вытворцаў будзе сядзець на вас па-рознаму.

Калі ёсць магчымасць памерыць, то дадаткова можна кіравацца наступнымі крытэрыямі:

  1. Кімано не павінна скоўваць рухаў і сядзець на вас шчыльна, "у абліпку".
  2. Ніжні край курткі (увагі) павінен даходзіць прыблізна на сярэдзіны сцягна.
  3. Пры захінанні кожнае крысо курткі павінна даходзіць да супрацьлеглага бакавога шва.
  4. Рукавы не павінны засланяць прыдалонне.
  5. Пояс (обі) мае быць гэткай даўжыні, каб яго можна было двойчы абкруціць вакол таліі, а пасля таго, як вы яго завязалі, канцы обі былі крыху ніжэй ніжняга краю курткі.

Шчыльнасць тканіны

Шчыльнасць тканіны кімано пазначаецца альбо ў унцыях (OZ), альбо ў г/м2. Усе вытворцы ў параметрах вырабаў звычайна пазначаюць шчыльнасць куртак, паколькі куртка і штаны вырабляюцца з таканіны рознай шчыльнасці (тканіна штаноў мае меншую шчыльнасць). Чым шчыльней тканіна, тым больш яе ўдзельная вага.

З пункту гледжання спажыўца ўсе кэйко-гі можна ўмоўна падзяліць на два тыпы.

Гладкая тканінаПлеценая тканінаКімано з гладкай тканіны – тканіна мае невысокую шчыльнасць (ад 200 да 400 г/м2), навобмацак мяккая; кімано лёгкае, ужываецца для заняткаў каратэ, тхэквандо ды іншымі адзінаборствамі, у якіх няма кідкоў, захопаў і ўтрыманняў. Іншым разам на айкідо трэніроўку апранаюць каратэ-гі. Аднак вы павінны ўлічваць, што такое кімано значна хутчэй стане непрыдатным. Акрамя гэтага, выканаўшы захоп за куртку ваш партнёр разам з кімано можа прыхапіць і скуру. Прыемнага ў гэтым не шмат.

Плеценае кімано – шчыльнасць тканіны больш высокая (ад 400 да 750 г/м2), навобмацак больш тоўстая; кімано больш цяжкае, ужываецца для трэніровак айкідо, дзюдо, айкі-дзюцу, джыу-джыцу ды ў іншых адзінаборствах, дзе выкарыстоўваюцца захопы за куртку і кідкі.

Таксама вырабляюцца кімано падвойнага і патройнага пляцення з шчыльнасцю тканіны ад 750 да 1000 г/м2; такая тканіна навобмацак вельмі цвёрдая, выдатна трымае форму. Гэткае кімано больш падыходзіць для спаборніцтваў, паказальных выступаў ці экзаменаў.

Такім чынам, пачаткоўцам для заняткаў айкідо мэтазгодна абіраць кімано адзінарнага пляцення.

Матэрыял тканіны

Традыцыйна кімано вырабляюць з 100% бавоўны. Бавоўнавая тканіна гігіенічная, прыемна прылягае да цела, добра ўцягвае пот і праветрываецца. Аднак кімано з бавоўны мае недахопы: яно лёгка камечыцца, садзіцца падчас прання і з цягам часу набывае жоўтае адценне. Зараз кімано часта вырабляюць з бавоўнавай тканіны, якая дадаткова ўтрымлівае валокны поліэстэру. Гэта надае яму беласнежны ахайны выгляд і захоўвае станоўчыя ўласцівасці бавоўны. Аднак паколькі тканіна ўтрымлівае бавоўну, то кімано пасля прання сядзе. Некаторыя вытворцы выконваюць папярэднюю супрацьусадкавую апрацоўку тканіны. У гэтым выпадку кімано дае мінімальную ўсадку альбо ўвогулле не памяншае памеры.

Таму ў краме неабходна даведацца ў прадаўца, з якога матэрыялу пашыта кімано і ці праводзілася супрацьусадкавая апрацоўка тканіны. Пасля гэтага ўжо прымаць рашэнне, які памер вам неабходны.

На што яшчэ звярнуць увагу абраўшы айкідо-гі?

Абраўшы кімано для заняткаў айкідо варта звярнуць увагу на наступныя дэталі:

  1. Для заняткаў айкідо ўжываецца кэйко-гі толькі белага колеру.
  2. На плечах, грудзях і спіне курткі павінна быць узмацненне тканіны, якое вельмі добра бачна навыварат.
  3. Каўнер курткі мусіць быць тоўстым, але мяккім.
  4. Калі крысо курткі мае матузы, то на трэніроўцы куртка не будзе расхлістацца, і вы будзеце выглядаць больш ахайна.
  5. Звычайна штаны (дзубон) робяцца непрыдатнымі значна хутчэй за куртку (увагі). Таму пільна зважайце на якасць вырабу штаноў. На каленках абавязкова павінна быць узмацненне тканіны.
  6. Паясы на штанах бываюць двух відаў – з рызінкай і на матузах. Пояс з рызінкай лепш аблягае талію, аднак матузы больш надзейныя і даўгавечныя.
  7. Кошт кімано залежыць ад памеру, шчыльнасці тканіны і фірмы-вытворцы. Кэйко-гі японскай вытворчасці (Kusakura, Mizuno, Tozando) будуць даражэйшыя, кітайскай (Budo-Nord, Demix) ці пакістанскай (Green Hill, Wacoku, Matsa, Tengu) – таннейшыя.

Дзе набыць кімано ў Беларусі?

Ёсць некалькі спартыўных крам, дзе вы можаце набыць экіпіроўку і рыштунак для ўсходніх адзінаборстваў. Вось некалькі спасылак.

Жадаеце далучыцца да нас? Першая трэніроўка бясплатна! Абярыце залу і прыходзьце.

Абярыце залу

Таксама глядзіце

Падзяліцеся