Наш погляд на айкідо
"У баі перамагае спантаннасць;
бязглуздае завучванне заўсёды церпіць паразу."
(Брус Лі).
Галоўнай задачай клуба Муманкан ёсць вывучэнне тэхнік айкідо ў сучасных умовах.
Айкідо і спантанная атака
Асноўныя прынцыпы айкідо палягаюць ў тым, каб скарыстаць інэрцыю праціўніка супраць яго самога, парушыць ягоную раўнавагу, стварыць для праціўніка нязручнае становішча, у якім ён не зможа сканцэнтраваць сваю сілу ў адным кірунку. Пры гэткім падыходзе любая тэхніка будзе максімальна эфектыўнай.
Форма набывае сэнс за кошт баланса трох складнікаў:
- Адчуванне прасторы (стойка, рухі, раўнавага і дыстанцыя).
- Адчуванне меры (выбар дзеяння, адпаведнага тэхнічнаму ўзроўню апанента).
- Адчуванне чау (таймінг, г.зн. здольнасць вылучіць правільны момант для контратакі).
Пры гэтым, падчас выканання любога тэхнічнага дзеяння, неабходна браць на ўлік геаметрыю (вугал адыходу), фізіку (уздзеянне на цэнтар цяжасці апанента), логіку і развагу.
Мы лічым, каб вывучаць абарону, неабходна разумець атаку. "Сутнасць любога руху – у няспынным кантролі за сітуацыяй. Каб яе кантраляваць, трэба захоўваць над ёю ўладу. Дзеля гэтага неабходна мець сувязь з сілай, якая супрацьстаіць. Таму важна вывучаць атаку, але ў першую чаргу неабходна вывучаць і кантраляваць самога сябе" (М. Саатомэ).
Айкідо – гэта не сістэма, у якой засвойваюцца сакрэтныя прыёмы, што дазваляюць перамагчы любога праціўніка. Айкідо вучыць карыстанню прынцыпам, з дапамогай якога можна з большай эфектыўнасцю і найменшымі фізічнымі намаганнямі скарыстаць ужо існуючыя звычкі. Гэткім чынам, айкідо – гэта факультэт павышэння кваліфікацыі для людзей, якія ўжо маюць вопыт адзінаборстваў. А для тых, хто не мае гэткага досведу, у методыцы навучання павінны прысутнічаць вывучэнне тэхнікі ўдараў і кідкоў, тактыцы вядзення бою.
Сувязь айкідо з іншымі адзінаборствамі
Айкікай ня ёсць стылем. Гэта грамадская ўстанова, якая яднае мноства яскравых і непаўторных майстроў, стварыўшых розныя стылі айкідо. У гэтых стылях, на падмурку фундаментальных традыцый выкарыстоўваюцца розныя метады навучання.
Аснова айкідо гарманічна ўключае элементы іншых баявых адзінаборстваў: дзюдо, каратэ, кэндо, айкі-дзюцу, якія не супярэчаць тэхніцы айкідо, а наадварот, узмацняюць і дапаўняюць адзін аднаго, набыўшы новы сэнс.
Якасць тэхнікі – гэта не проста сума асобных элементаў. Разам яны ўтвараюць адзінае мастацтва бою. "Айкідо не павінна быць ізалявана ад грубай рэальнасці праз экзатычны рытуал. Яно павінна быць мастацтвам бою, з крутым замесам каштоўнага баявога досведу з іншых баявых адзінаборстваў. Майстры, якія адкідаюць досвед іншых стыляў, як правіла, блага ведаюць і свой стыль, яго мудрасць і глыбіню. Іхная тэхніка – проста сляпое перайманне, бязглуздае паўтарэнне рухаў, сэнс якіх не толькі не зразумелы, але і нецікавы. Яны цытуюць сваіх настаўнікаў, не паглыбіўшыся ў сэнс разумных слоў" (Д. Тэдзееў). Як казаў Фрэдрык Дж. Лоўрэт у сваёй кнізе "Шлях і сіла: Сакрэты японскай стратэгіі": "чыннік гэткага становішча спраў у тым, што большасць людзей памятае Ўэсібу мяккім старцам, якім ён быў у 80, а не тыграм, якім ён быў у 50. Яны забываюць ягоную заяву, што «айкідо на 99% складаецца з удараў»".
"Айкідо – гэта спантаннасць. Формы існуюць толькі для паказу прынцыпа. Калі прысутнічае прынцып і мэта айкідо, любы прыём можа ператварыцца ў айкідо. А калі яны адсутнічаюць – гэта не айкідо" (М. Саатомэ). Гэткім чынам, класічныя традыцыі выканання тэхнік айкідо сёння толькі задаюць накірунак, сцэнар навучання. "Вашая самая моцная пазіцыя – тая, якая падыходзіць вашай постаці. Вас не могуць ёй навучиць, вы павінны адшукаць яе для сябе самастойна. Гэта не пытанне шырэйшага ці вузейшага стану ног. Людзі будуць рабіць тое, што для іх найзручней, таму, калі вы дазволіце, яны створаць яе [моцную пазіцыю] для сябе самі. Вы заўсёды павінны вяртацца да высновы, вось што важна" (Г. Сіода).
Айкідо і рэальнасць
У айкідо не існуе шаблонаў ці клішэ. Не бывае адной і той жа секунды – увесь час змяняецца становішча цела, вугал атакі, таму кожным разам тэхніка будзе выглядаць інакш.
Уэсіба казаў: "Айкідо павінна адпавядаць бягучаму часу, адпавядаць патрэбам людзей, але ня быць анахранізмам". У айкідо ўжываецца жорсткая тэхніка (прамыя ўдары, болевыя, кідкі, кантролі), але акцэнт на кругавыя рухі стварае ўражанне танца.
Некаторыя настаўнікі паказваюць тэхніку на падатлівых вучнях і самі губляюць сувязь і катроль над сілай, якая ім супрацьстаіць, а праз гэта адрываюцца ад рэальнасці ды западаюць у ілюзію. Аднак, калі з цягам часу тэхніка не змяняецца і не адаптуецца да новых умоў, яна робіцца нежыццяздольнай, застылай і неэфектыўнай. Гэта вядзе да прадказальнага фіналу па-за межамі татамі.
Мудрасць надыходзіць з досведам, а ісціна – з практыкай. Мы не надзяляем упэўненасцю, нават не даём надзеі, але мы даём шанец. Наша тэхніка айкідо адрозніваецца не тым, што мы робім, а як мы гэта робім. Мы засвойваем не толькі прыёмы, але і ўмовы, пры якіх любое дзеянне робіцца максімальна эфектыўным. Тэхніка ўсведамляецца толькі на фоне стрэсу і падвышанага выдзялення адрэналіну. Таму, стварыўшы на татамі рэальную атаку, нашыя навучэнцы спасцігаюць айкідо ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнасці, а гэта спрыяе яго эфектыўнаму ўжыванню па-за межамі залы.
Айкідо шматгранна і не абмяжоўваецца межамі аздараўленчай гімнастыкі. У нашым клубе тэхнікі дзюдо, каратэ, айкі-будо і айкі-дзюцу вывучаюцца ў рамках праграмы на пэўны Кю. Мы адаптуем тэхніку айкідо да сучанага ўзроўню магчымага праціўніка, аднак не пазіцыянуем сябе як рэальнае ці баявое айкідо, а хутчэй, як айкідо сённяшняга дня.
Усіх, каго ахапіла паняверка наконт практычных здольнасцяў айкідо, запрашаем да нас у клуб. Мы паспрабуем вас пераканаць і паказаць вам баявы бок айкідо. Паколькі формы тэхнік агульнапрынятыя, то розніцу можна адчуць толькі на практыцы.
Будзем рады вас бачыць у клубе Муманкан. Абярыце залу і прыходзьце на бясплатныя заняткі.
Таксама глядзіце